
12 верасня 2025 г. у Доме-музеі Адама Міцкевіча прайшло штогадовае культурна-асветніцкае свята "Адам Міцкевіч у памяці нашчадкаў". На мерапрыемстве сабраліся ўсе тыя, Хто цікавіцца культурнай спадчынай нашага музея.
Свята ўмоўна падзялілася на навуковую і забаўляльную часткі. Наведвальнікам музея была прапанавана мультымедыйная прэзентацыя пра багатую гісторыю дома сям'і Міцкевічаў і Дома-музея. Госцем мерапрыемства стаў вядомы ў Беларусі архівіст-даследчык і аглядальнік газеты «Культура» Зміцер Юркевіч, які прысвяціў сваё выступленне Францішку Карпінскаму – любімаму паэту Адама Міцкевіча, прэзентаваў прысвечаную яму выстаўку.
А вось супрацоўнікі музея зрабілі для ўсіх сюрпрыз. У праграму мерапрыемства была ўключаная літаратурна-музычная пастаноўка “Музы Адама Міцкевіча”.
У завяршэнні свята артысты народнага тэатра "Мудрасць плюс" пацешылі ўсіх удзельнікаў сваёй інтэрактыўнай праграмай. І, вядома ж, святочны пачастунак! Куды ж без яго?!